Трагедыя без тэрміну даўнасці
Сёння Чарнобыльская катастрофа расцэньваецца як буйнейшая ў сваім родзе за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі па колькасці загінуўшых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей.
Што ж здарылася той красавіцкай ноччу? Ці можна было прадугледзець гэтую аварыю? На гэтыя пытанні спрабавалі адказаць лепшыя вучоныя, па хвілінах узнаўляючы падзеі таго дня. Праведзены дзясяткі расследаванняў і эксперыментаў. Узнікла вялікая колькасць самых розных версій, але адзінага меркавання няма і да гэтага часу. Зразумелым застаецца толькі адно: чарнобыльская аварыя будзе нагадваць аб сабе яшчэ не аднаму пакаленню…
У першыя дні былі эвакуіраваны людзі з 30-кіламетровай зоны, якая называецца зонай адчужэння. 1100 аўтобусаў калонай вывозілі насельніцтва Чарнобыля, Прыпяці і іншых бліжэйшых населеных пунктаў. Людзі кінулі свае дамы і ўсё, што ў іх знаходзілася. З сабой ім дазволілі ўзяць толькі пасведчанні асобы і ежу на некалькі дзён. Вада, жывёла і расліннасць на гэтай тэрыторыі былі прызнаны непрыгоднымі для ўжывання і неслі небяспеку для здароўя. У хуткім часе стала зразумела, што чалавек больш не вернецца ні праз год, ні праз дзясяткі гадоў на гэтую зямлю, якая стала забароненай зонай.
У ліпені 1988 года на тэрыторыі Беларускай ССР узнік Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, які з’яўляецца буйнешым у Еўропе. Яго тэрыторыя складае каля 213 тысяч гектараў і ахоплівае тры раёны, якія найбольш пацярпелі ад аварыі — Брагінскі, Нараўлянскі і Хойніцкі. Было выселена 114 тысяч чалавек з 86 вёсак. Што давялося перажыць гэтым людзям, якія пакідалі ў спешцы свае абжытыя дамы, нават уявіць страшна. Многія вёскі былі сцерты з зямлі назаўсёды.