Вучыць і вучыцца – яе прызванне
На Навагрудчыне шмат настаўнікаў, якія ўсе свае сілы, усе свае ўменні аддавалі і аддаюць справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення. З году ў год яны не толькі самааддана вучаць дзяцей, без перабольшвання, укладаючы ў іх душу, але і пастаянна развіваюцца самі. Такой настаўніцай з’яўляецца Аляксандра Мікалаеўна Варава, былы дырэктар Ладзеніцкага дзіцячага сада-базавай школы. Вышаўшы на заслужаны адпачынак, Аляксандра Мікалаеўна не змагла пакінуць родную школу, яна і зараз выкладае свой любімы прадмет – гісторыю. Менавіта ў школе і адбылася наша сустрэча. Дарэчы, гасцінна сустракалі мяне адразу два дырэктары – Аляксандра Мікалаеўна Варава і Ганна Васільеўна Мянчыцкая, якая ўзначальвае школу зараз.
Мара дзяцінства
– Азіраючыся на пражытае, я магу з упэўненасцю сказаць, што для мяне самым вялікім захапленнем заўсёды была педагагічная работа, – гаворыць Аляксандра Мікалаеўна Варава. – Прафесію настаўніка я палюбіла яшчэ ў дзяцінстве. У пасляваенны час у нашу школу прыехала працаваць настаўніцай мая цёця Ульяна Васільеўна Ласькова, а настаўнікам матэматыкі быў яе муж. У нашай сям’і Ульяна Васільеўна заўсёды была прыкладам, я хацела быць падобнай да яе. З часам педагогіку выбрала не толькі я, але і мая сястра. Не абышлося без уплыву на мой выбар і класнага кіраўніка – Аліны Міхайлаўны Гальцовай. Яна і зараз пры сустрэчы абавязкова распытае ўсё падрабязна аб жыцці і рабоце, дапаможа парадай. А яшчэ нам кожны раз ёсць што ўспомніць са школьнага жыцця, бо разам мы шмат перажылі. Заўсёды з задавальненнем успамінаю настаўнікаў, якія мяне вучылі. Яны сыгралі сваю ролю ў маім станаўленні як настаўніка. Я вельмі люблю дзяцей, мне з імі цікава працаваць. Галоўнае ў працы настаўніка – добразычлівасць, адкрытасць, шчырасць, справядлівасць у адносінах да кожнага вучня, давер, – гаворыць А.М. Варава. –Усё гэта мне дапамагала па жыцці і ніколі не падводзіла. Каб на ўроках было цікава вучням – настаўніку самому патрэбна ўвесь час вучыцца, а я вечны вучань, – зазначае Аляксандра Мікалаеўна. – Ідзеш на ўрок і не заўсёды ведаеш, ці хопіць тваіх ведаў сёння, ці не. Гэта любоў захоўваецца, яна жыве са мною, крочыць па жыцці. Працаваць з дзецьмі вельмі няпроста. Кожны жэст, кожнае слова педагога павінны быць прадуманымі, невыпадковымі. У свой час мне аб гэтым гаварылі мае настаўнікі. Настаўніку неабходна размаўляць з дзецьмі на іх мове, быць у курсе іх спраў. Настаўнік – гэта і маці, і жонка, і сябар, а ў вёсцы настаўнік – гэта і ўзор, прыклад, на які заўсёды глядзяць. Дзеці, школа… Я з кожным годам ўсё больш упэўніваюся – якое гэта шчасце!
Мае карані
Нарадзілася я ў вёсцы Ладзенікі ў звычайнай сям’і, – далей дзеліцца А.М. Варава. – Мой тата Мікалай Паўлавіч Буцкевіч дажыў да паважанага ўзросту – 95 гадоў, на жаль, у мінулым годзе яго не стала. Ён – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі.Тут тата нарадзіўся, тут жыў. Звычайны, вясковы, але вельмі цікавы чалавек. Ён ніколі за ўсё жыццё не сказаў дрэннага слова. Я заўсёды стаўлю дзецям яго ў прыклад. Тата быў добрым сталяром, дабрадушным чалавекам, шмат працаваў і нас гэтаму вучыў. Мама Валянціна Васільеўна – простая, працавітая жанчына, займалася выхаваннем нас, траіх дзяцей. Сястра Тамара зараз жыве ў Мінску, брат Васіль – у Ладзеніках.
Пасля школы я адразу паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, а пазней закончыла гістарычны фаультэт педагагічнага інстытута імя М. Горкага.
Жыццёвыя дарогі
Трывожна і хвалююча было ўпершыню пераступіць парог школы ў в. Жарабковічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Туды мяне накіравалі піянерважатай, а я хацела выкладаць свой прадмет – гісторыю, – гаворыць Аляксандра Мікалаеўна. – Першыя вучні, першыя калегі-настаўнікі, многія з якіх значна старэйшыя. Дарэчы, менавіта яны дапамагалі на пачатку працоўнага шляху, падтрымлівалі і вучылі, дзяліліся вопытам. Калі з’явілася сям’я, пераехала на Магілёўшчыну. З мужам Мікалаем Адамавічам пазнаёміліся ў сяброў на вяселлі. Ён у свой час закончыў сельскагаспадарчую акадэмію. Працавала некаторы час у г. Горкі спачатку ў пачатковай школе, затым ў аддзеле адукацыі метадыстам. Хутка нарадзіўся старэйшы сын Міша. У гэты час мужа накіравалі вучыцца ў Вышэйшую партыйную школу, бо працаваў старшынёй калгаса ў Глускім раёне. Я вырашыла прыехаць у Ладзенікі да бацькоў, з часам пераехалі назаўсёды сюды. Пачынаўся мой працоўны шлях на Навагрудчыне ў аддзеле адукацыі, была спачатку інспектарам па выхаваўчай рабоце.
Родная школа і прызванне
Нягледзячы на тое, што ўсюды старалася працаваць з поўнай аддачай, самымі плённымі і шчаслівымі для мяне сталі гады працы ў роднай Ладзеніцкай школе, – адзначае Аляксандра Мікалаеўна Варава. – У 1990 годзе мне прапанавалі яе ўзначаліць. Вагалася перад тым, як даць згоду. Складанасць у першую чаргу была ў тым, што я ішла дырэктарам да сваіх былых настаўнікаў. З гадамі ўпэўнілася, што не памылілася. У нас быў дружны, таленавіты калектыў, з часам з’явіўся і новы ўтульны будынак нашай новай школы. Раней школа размяшчалася ў чатырох будынках, ніяк не давалі дазволу на будоўлю новай. Свае складасці былі ў старым будынку і з ацяпленнем, і з харчаваннем. Толькі дзякуючы прапанове і парадам Віктара Канстанцінавіча Прахарэвіча, мы вырашылі ў гады перабудовы пачаць будоўлю, – расказвае Аляксандра Мікалаеўна. – Так, у 1993 годзе мы пачалі будоўлю. Цяжка даставаліся сродкі, таму будоўля доўжылася да 2000 года. Мясцовыя людзі з разуменнем адносіліся да будоўлі. На першым часе шукалі праект. На яго я глядзела ў першую чаргу як настаўнік, як дырэктар, каб усё было зручна і для дзяцей, і для настаўнікаў. Хацелася мець асобныя актавую і спартыўную залы, сталовую. Звярталася да многіх, але падобны праект быў знойдзены ў Дзятлаўскім раёне. Мне ён спадабаўся. Тут было ўсё, што мы хацелі. У перспектыве быў яшчэ і басейн. Праект, на дзіва, прайшоў. Толькі з часам я зразумела, што праект выбрала складаны. Адзін дах чаго каштуе, тры ўзроўні даху.
Зараз маю будоўлю працягвае Ганна Васільеўна Мянчыцкая, сённяшні дырэктар.
Да роднай школы я адношуся па-мацярынску, – падкрэслівае А.М. Варава. – Школу я, калі можна так сказаць, выпесціла сваімі рукамі. Няхай жыве доўга наша родная школа: пакуль жыве школа – жыве вёска.
Школа з гадамі развівалася. У нас моцны педагагічны калектыў. Нашы вучні з году ў год паказваюць добрыя вынікі падчас алімпіяд, розных конкурсаў, мерапрыемстваў, а нашы выпускнікі з поспехам працуюць у самых розных сферах дзейнасці.
Этнашкола
Адрознівала нашу школу ад іншых вывучэнне і спасціжэнне набыткаў этнакультуры, якое пачалося ў нашай установе ў 2013 годзе. Штогод рыхтуюцца і праводзяцца з улікам мясцовых традыцый школьныя святы-фэсты. На іх гучаць беларускія народныя песні, пацешкі, праводзяцца народныя гульні. Выхаваўчая сістэма будуецца на праекце «Этнашкола». Гэта не проста далучэнне дзяцей да сваіх каранёў, а паглыбленае вывучэнне гісторыі краю, пазнанне культурнай спадчыны. Гэта выхаванне лепшых маральных якасцей – спрадвечных рыс беларускага народа: талерантнасці, гасціннасці, паважлівасці.
Яшчэ адрознівае нашу школу ад іншых традыцыя правядзення абраду «Пасвяты» (пасвячэнне першакласнікаў у навучэнцы школы). Свята рыхтуюць навучэнцы і для навучэнцаў. На «Пасвяты» не прыходзяць без падарункаў. Яны павінны быць зроблены сваімі рукамі.
Захаванне спадчыны
Асаблівае ў Ладзеніцкім ВПК дзіцячым садзе-базавай школе ўсё. Добрых слоў заслугоўвае і школьны музей, куды мяне гасцінна запрасілі Аляксандра Мікалаеўна Варава і Ганна Васільеўна Мянчыцкая, а юныя экскурсаводы правялі цікавую экскурсію.
Музейная экспазіцыя змяшчае многа цікавых экспанатаў. Тут і вынікі даследавання прафесара Ф.Д. Гурэвіч, і падручнікі, і кнігі пачатку 20 стагоддзя, розныя рэчы, якімі карысталіся мясцовыя жыхары, а яшчэ ў музеі захоўваюцца аб’явы «Пасвят», зробленыя рукамі вучняў.
Самыя цікавыя экспанаты школьнага музея – хусткі, якія часта ўваходзілі ў склад беларускага нацыянальнага касцюма.
– Экспазіцыю «Хусткі» мы вырашылі стварыць да 70- гадовага юбілею школы, які адзначалі ў мінулым годзе, – адзначылі А.М. Варава і Г.В. Мянчыцкая.
– Хустка – традыцыйны жаночы ўбор, які служыць не толькі як ўпрыгожванне, але і ўкрывае ад спякоты ці холаду, – расказала падчас экскурсіі Вераніка Снесар. – Па хустцы выначалі сацыяльны статус і сямейнае становішча жанчын. Вянкі, якія ніяк не хавалі галаву – насілі незамужнія дзячаты. На вяселле дзяўчына надзявала вянок у апошні раз і мяняла яго на хустку. У нашай мясцовасці хустку насілі асабліва – складзеную трохвугольнікам, завязвалі пад бараду ці «пад бабку-Любку» (назад), а таксама «буслянкай». У кожнай мясцовасці гэта мела і сваю назву. Хустку шырока выкарыстоўвалі ў вясельных і пахавальных абрадах, – адзначае юны экскурсавод Вераніка. – У праваслаўнай веры ёсць старадаўні звычай – жанчына ўваходзіць у царкву толькі з пакрытай галавой. Мы сабралі калекцыю хустак розных відаў: гэта хустка-кашміроўка, хустка –паркалёўка, пуховая касынка, хустка-павуцінка, хустка-канаплянка, святочна-шаўковыя хусткі, хусткі-газоўкі, хусткі з люрыксам. Яшчэ зусім нядаўна хустка-канаплянка была самым любімым уборам нашых жанчын зімою. Адна з такіх канаплянак захоўваецца ў музеі (захавалася з часоў вайны). Яшчэ ў хустках насілі і захоўвалі розныя рэчы, дакументы. Жанчына без хусткі, як хата без маці.
Шмат экспанатаў для экспазіцыі хусткі перадала сённяшні дырэктар школы Г.В. Мянчыцкая. У збор экспанатаў уключылася ўся школа. Дзякуючы актыўнасці вучняў, настаўнікаў калекцыя хустак расце.
Хочацца адзначыць, што хустка не страціла сваёй актуальнасці і ў сённяшнія дні.
Ладзеніцкая школа – гэта гісторыя жыцця Аляксандры Мікалаеўны Варавы. Так, яе лёсам стала педагогіка, школа, вучні. Таму і сёння настаўніца, поўная сіл, энергіі, жыццёвага вопыту, з накопленым багажом ведаў, вучыць маладое пакаленне любві да Радзімы, роднай спадчыны, этнакультуры.
За плённую працу А.М. Варава мае не адзін дзясятак узнагарод, аднак самая вышэйшая ўзнагорода – гэта любоў і павага вучняў, калег, знаёмых, блізкіх, вяскоўцаў і родных людзей.